Білоруський письменник Ольгерд Бахаревич: “Нам соромно і образливо, нам страшно – але ми на вашому боці”

Світ
2 Березня 2022, 12:57

 

ЛІСТ ДА ЎКРАІНЫ

 

Дарагія ўкраінцы! Мае героі, мае сябры.

Людзі, за якіх нам усім цяпер баліць.

 

Мне вельмі не хацелася б, каб гэты тэкст выглядаў як апраўданьне. Апраўдвацца перад Украінай ужо позна — дый ня мае сэнсу, машына вайны запушчаная, сьмерць ідзе адразу з розных бакоў, у тым ліку з тэрыторыі маёй радзімы, і апраўданьнямі яе не спыніць. І мне вельмі не хацелася б, каб мой тэкст быў прачытаны як пакаяньне. Няхай каюцца тыя, у каго на руках кроў. Вы на вайне, і вы бароніце сваю краіну — а мы не ў царкве. І ўсе мы разам на судзе гісторыі, па розныя бакі ня намі праведзенай цывілізацыйнай мяжы. У страшныя дні, найперш для Ўкраіны, але і для ўсёй Эўропы, спайманай у вечную пастку свайго імкненьня да міру любой цаной. Той Эўропы, у якую я яшчэ веру і надзеяй якой вы цяпер ёсьць. Мне вельмі хочацца, каб вы дачыталі гэты тэкст да канца. А затым ужо ненавідзелі, пагарджалі і праклялі нас, зноў і зноў — або ўсё ж задумаліся, хто супрацьстаіць вам, і ці супрацьстаіць вам мая Беларусь.

 

“Мы, беларусы, мірныя людзі… “

Так пачынаецца дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Музыка яшчэ з савецкіх часоў — толькі словы зьмяніліся. Некалі на іх месцы гучала рабскае: “Мы, беларусы, з братняю Русьсю…” Але ні стары гімн БССР, ні новы мая, сапраўдная Беларусь не прызнавала і не прызнае. Ён — гэткі самы сымбаль дыктатуры, як чырвона-зялёны сьцяг і саўковы герб. Толькі вось сьвет гэта ўжо ня надта цікавіць.

 

“Мы, беларусы, мірныя людзі”. Доўгі час такая формула задавальняла ўсіх. Яе ахвотна выкарыстоўвала як дзяржаўная прапаганда, так і праціўнікі ўлады. Мы мірныя людзі. Гэта была дэклярацыя, пад якой падпісаліся б і ўлада, і апазыцыя.

 

Цяпер гэта брахня. Прыгожая старая казка пра мірных людзей і добрых суседзяў умомант абярнулася крывадушнай і крывавай хлусьнёй. Разам “з братняю Русьсю” Беларусь зрабілася пляцдармам для нападу на Украіну, ператварылася ў сапраўднага агрэсара і стала ўпоравень з самымі адыёзнымі краінамі ў гісторыі. Вобраз “мірных людзей” рассыпаўся — ужо навечна. Як і вобраз нас як ахвяраў — якіх стагодзьдзямі прыгняталі і вынішчалі, а яны здолелі ацалець і вартыя за гэта павагі. Лукашэнка нарэшце прывёў Беларусь і яе народ у той апошні тупік, зь якога выкарасквацца давядзецца ўсім — нават тым беларусам, якія ўсё жыцьцё пахваляліся, што “не цікавіцца палітыкай”. Ніхто ня зможа адсядзецца і адмаўчацца. Ніхто ўжо ня зможа сказаць: я тут ні пры чым. Ніхто ня зможа сказаць: я чалавек маленькі, ад мяне нічога не залежыць. Але самае жахлівае нават ня гэта. За тую ганебную ролю, якую Беларусь адыгрывае цяпер, расплачвацца давядзецца і будучым пакаленьням. Пры слове “Беларусь” яшчэ вельмі доўга ў сьвядомасьці сьвету будуць усплываць карціны вайны — той вайны, дзе Беларусь упершыню ў гісторыі не абаронца і не ахвяра, а верны паслугач пуцінскага фашызму.

 

Яшчэ нядаўна мы ганарыліся, што нарэшце маем прыгожы моцны вобраз у вачах сьвету. Вобраз сотняў тысяч мужчын і жанчын, якія ў 2020-м выйшлі бяз зброі, толькі з прагай свабоды і словамі пратэсту, супраць узброеных бандытаў, якія называлі сябе “міліцыяй” і “арміяй”. Цяпер гэты вобраз перакрэсьлены, замазаны — так у маім родным Менску і па ўсёй Беларусі дагэтуль замазваюць рэвалюцыйныя графіці 2020-га. Толькі замазваюць яго цяпер украінскай крывёй — замазваюць тыя, хто таксама, як і я, лічаць сябе беларусамі. Хоць мы — тыя, хто марыць пра іншую Беларусь, тыя, хто гадамі спрабуе ператварыць мару ў рэальнасьць — адчуваем з вамі несувымерна большую і мацнейшую сувязь, чым са сваімі генэраламі, з тымі салдатамі, якія пайшлі на вашую зямлю.

 

Таму я, беларускі пісьменьнік Бахарэвіч, гатовы прыняць на сябе маю частку адказнасьці за тое, што адбываецца. Я гатовы прыняць на сябе беларускія сорам і ганьбу — як гэта некалі, у часы другой сусьветнай, рабілі нямецкія літаратары ў эміграцыі. Гэта адна з задачаў літаратуры сёньня.

 

Але я ня згодны з тым, што ўся мая Беларусь мусіць быць цяпер для сьвету суцэльнай плямай ганьбы і нянавісьці.

 

Вы, украінцы, бароніце сваю краіну. Вашае войска, вашая тэрытарыяльная абарона, кожны ўкраінец і кожная ўкраінка разам чыняць адпор акупантам. Ваша вайна — абарончая і вызваленчая. Вы ўжо прайшлі такі шлях да свабоды, што пуцінскай імпэрыі вас ужо ніколі не вярнуць у сваю турму. Украіна зьмянілася ўжо назаўсёды.

 

У 2020-м мы, беларусы, пераканаліся, што ў нас няма свайго войска. Тыя фармаваньні, якія мусілі бараніць нас, вялі вайну супраць бяззбройных людзей. Людзі ў Беларусі пабачылі, што тыя, хто даваў прысягу на вернасьць народу, здрадзілі гэтаму народу без усялякіх ваганьняў, узялі самы актыўны ўдзел у рэпрэсіях супраць уласных грамадзян. З таго часу ўжо ніхто ня лічыць беларускае войска беларускім. У Беларусі няма войска. Ёсьць лукашэнкаўскія генэралы, якія заадно з пуцінскімі, якія сьпяць і бачаць сябе ў пуцінскіх мэдалях. Ёсьць выканаўцы іх злачынных загадаў. І ёсьць людзі — якіх цяпер робяць гарматным мясам на злачыннай вайне.

 

Мне зноў і зноў скажуць, што гэта толькі словы. Украіна чакае ад беларусаў рашучых дзеяньняў. Але тое, што я магу — гэта толькі словы. Словы, за якія я адказваю. Я веру ў словы — як апошнюю зброю чалавека. Я пішу вам з эміграцыі — з той Эўропы, у якой яшчэ пануе мір, і гэта даволі хісткі мір. Той Эўропы, якая сёньня дэманструе неверагодную згуртаванасьць, той Эўропе, якая за вас. А што да дзеяньняў… Сотні тысяч беларусаў у 2020-м выйшлі супраць гэтага рэжыму, які цяпер напаў на Украіну. Сярод іх быў і я, мае сябры, мае калегі. Дзясяткі тысяч былі кінутыя ў турмы, дзе іх катавалі і працягваюць катаваць цяпер. Дзясяткі тысяч эмігравалі. І тысячы працягваюць чыніць падпольны супраціў, застаўшыся на радзіме.

 

А там, на радзіме, зьнішчана ўсё. Нават тое малое, што прарастала насуперак уладзе апошнія дзесяцігодзьдзе. Там больш няма нават той мінімальнай свабоды, якая дазваляла нам крытычна мысьліць і плённа ствараць. Не засталося вольных інфармацыйных плятформаў — якія маглі б расказваць праўду пра падзеі ва Ўкраіне і дапамагаць бачыць вайну ўкраінскімі і беларускімі вачыма. Яны заблякаваныя, прызнаныя “экстрэмісцкімі”, журналісты сядзяць у турмах або працуюць з замежжа. На Беларусі пасьля 2020-га пануюць боль і жах. Беларусь — гэта адна суцэльная рана. Я ня ведаю, ці засталіся сем’і, якія б не закранулі рэпрэсіі. Беларусь не пасьпела нават уздыхнуць пасьля разгрому пратэстаў, як яе ўцягнулі ў вайну. Для мяне гэта сапраўды выглядае так: параненага чалавека паднялі і ягонай галавой пачалі ламаць дзьверы ў дом суседа. Хто вінаваты? Вядома, паранены. Галава ж ягоная.

 

Тады, у 2020-м, украінцы вельмі моцна падтрымлівалі нас у нашай барацьбе. Падтрымлівалі найперш словамі — і гэта былі вельмі важныя словы, якія мы не забудзем. Ніхто тады не сказаў вам, украінцы, што вашая падтрымка — гэта ўсяго толькі словы. Ці віна беларусаў, што мы не змаглі разбурыць мур? Што далі Пуціну акупаваць нашу краіну? Што дазволілі скарыстаць яе расейскаму фашызму? У гістарычнай пэрспэктыве — так, магчыма. Але мы жывем тут і цяпер. Тысячы беларусаў зазналі жорсткія рэпрэсіі і цяпер сядзяць у турмах. І я ніколі не пагаджуся, што яны вартыя нянавісьці і пагарды. Тое, што яны зрабілі, было не дарэмна. Беларусь вельмі павольна, але ачуняла ад салодкага лукашэнкаўскага сну. Гісторыя ня робіцца за адзін дзень. Тыя, хто быў за свабоду, могуць ніколі яе не пабачыць. Але хіба гэта значыць, што ўсё, што яны рабілі, было дарэмна?

 

Няўжо ўсё тое, што пісалі пра Беларусь украінскія мэдыі яшчэ два гады таму, было так хутка забыта? Яшчэ задоўга да вайны? Калі я чытаю сёньня, што пішуць украінскія мэдыі пра так званы “рэфэрэндум” у Беларусі, які прайшоў у нядзелю, я не магу паверыць вачам. Чарговы фарс, арганізаваны дыктатурай з мэтай усталяваць татальны кантроль над краінай і канчаткова здаць яе расейцам, паказаны як нейкае антыўкраінскае “волевыяўленьне” беларусаў. Я разумею, што ідзе інфармацыйная вайна. І што ўнушаць нянавісьць да ворага — сьвятая справа. Але ніякага “волевыяўленьня” не было. Быў яшчэ адзін абсурдны лукашэнкаўскі спэктакль, яшчэ адна “элегантная перамога”.

 

Беларусь цяпер жыве ў сытуацыі, якую можна апісаць, як грамадзянскую вайну пад замежнай акупацыяй. Беларусь – не Украіна. У Беларусі няма беларускага ўраду, беларускага войска, беларускай міліцыі, беларускай палітыкі, вольных беларускіх мэдыяў. Беларусь зьнявечаная, Беларусь расколатая, Беларусь ня ведае, што ёй рабіць з самой сабой, як выжыць і як ня зьнікнуць з мапы сьвету і з тэрыторыі маралі. Мая Беларусь існуе цяпер як раскіданыя па краіне і за яе межамі ачагі супраціву — задача якіх цяпер: наогул застацца і неяк зьбіраць сілы. На тое, каб гэтыя ачагі маглі сёньня аб’яднацца, захапіць уладу і спыніць вайну, я б разьлічваць ня стаў. Але гэтыя ачагі супраціву — аснова будучай мірнай дзяржавы, вольнай суседкі вольнай Украіны. І яны ў гэтыя дні далучаюцца да падтрымкі Ўкраіны і робяць усё, што могуць. Ці варта ігнараваць іх высілкі, калі яны робяцца дзеля вас — і дзеля будучай Беларусі таксама?

 

Некалі ў 1968-м пра семярых савецкіх дысыдэнтаў, якія выйшлі на маскоўскую плошчу, каб пратэставаць супраць уварваньня ў Чэхаславаччыну, чэхі напісалі так: гэта сямёра чалавек — як мінімум сем прычын, па якіх мы ня можам ненавідзець Расею. У нядзелю і панядзелак у Беларусі былі арыштаваныя за пратэсты супраць вайны з Украінай тысяча беларусаў. І мне хочацца спадзявацца, што гэтыя людзі таксама — тысяча прычын, каб ня ставіцца да Беларусі зь нянавісьцю.

 

Мне вельмі ня хочацца, каб гэты тэкст выглядаў як плач і енк, як стаяньне на каленях перад вамі. Калі я, як і іншыя беларусы, пералічваю свае ганарары на украінскае войска, на гуманітарную падтрымку — я катэгарычна супраць таго, каб гэта ўспрымалася вамі як спроба адкупіцца ад віны. Я раблю гэта як роўны для роўных, як чалавек і беларус, які ня можа не дапамагчы Ўкраіне ў цяжкі час. Калі мы з жонкай выходзім на дэманстрацыі ў падтрымку Ўкраіны — мы робім гэта не праз пакуты сумленьня, а для таго, каб паўплываць на заходніх палітыкаў, якія ўсё яшчэ слухаюць, што кажа ім народ. Калі я, эмігрант на птушыных правах, пішу гэты тэкст па-беларуску з аўстрыйскага Граца для ўкраінцаў і сваіх суайчыньнікаў — я раблю гэта не для таго, каб вы прабачылі мне, а таму, што не магу і не хачу маўчаць. Калі я пісаў свае кнігі, свае эсэ, калі папярэджваў у рамане “Сабакі Эўропы” пра небясьпеку пуцінскай імпэрыі — большасьць успрымала гэта як антыўтопію і фантасмагорыю. Цяпер мы жывем у ёй — і вы, і мы. Ці зрабіў я ўсё, што мог? Гэта пытаньне не да вас. Гэта пытаньне да сябе. І я мушу адказаць на яго сам. Як і ўсе беларусы.

 

Але я не магу спакойна і з разуменьнем глядзець, як нам пішуць у сацсетках: “ну і любіце свайго пуціна!” Пішуць не пуціноідам, а тым беларусам, хто змагаўся супраць пуцінскага фашызму і не даваў Беларусі быць ганьбай Эўропы. Я не магу бяз жаху і злосьці чытаць, як разьбіваюць шкло беларусам, якія дапамагаюць украінскім уцекачам — толькі таму, што на машыне беларускія нумары. Не магу чытаць, як сябрам Украіны, якія прайшлі праз рэпрэсіі, кажуць у твар: “вы тварі. цалуйце свайго лукашэнку”. Што вам дасьць такая нянавісьць? Калі вы перакананыя, што яна дапаможа, каб перамагчы акупантаў — што ж, пішыце гэта. Мы зразумеем. І будзем падтрымліваць вас моўчкі і сьцяўшы зубы ад крыўды. Пішыце і нішчыце акупантаў, адкуль бы яны ні ішлі — з Расеі або Беларусі, з Чачні ці аднекуль яшчэ. Мы будзем толькі радыя кожнай страце вашых ворагаў. Але такая безаглядная нянавісьць да ўсяго, што заве сябе беларускім, не дадае вам саюзьнікаў у варожым стане. Ды большасьць з нас і не жыве ў варожым стане. Цяпер мы ў пустаце — паміж сьвятлом і цемрай. Нам сорамна і крыўдна, нам страшна — але мы на вашым баку. Хто словам, хто маральна, хто ўчынкам, хто зброяй — бо за вас ваююць і беларусы. А нехта проста чытае навіны — і ня можа заснуць у бясьсільлі і роспачы, дасылаючы праклёны на тых, хто разьвязаў гэтую вайну.

 

Мы не выбіралі, дзе нам нарадзіцца. Як і вы.

 

Частка д'ябальскага пляну Масквы — множыць нянавісьць. Паўсюль дзе можна. Гэта іх задача на пэрспэктыву, рэалізацыя якой пачалася ўжо даўно. Асабліва важна для Крамля распальваць нянавісьць паміж сваімі суседзямі. Давесьці ўзровень нянавісьці да такога пункту, пасьля якога вяртаньне да нармальных стасункаў ужо немагчымае.

 

А далей, паводле іхнай задумы, будзе клясычнае divide et impera.

Шаноўныя ўкраінцы, вораг у нас з вамі адзін. І ён вельмі рады кожнаму канфлікту паміж намі. Бачачы, як нянавісьць паміж учарашнімі сябрамі-суседзямі расьце, Пуцін і Лукашэнка задаволена ўсьміхаюцца. Значыць, усё ідзе паводле іхнага пляну. Няўжо мы хочам, каб яны ўсьміхаліся?

 

Вораг у нас адзін. Я кажу гэта беларусам і ўкраінцам: вораг у нас адзін, не забывайма пра гэта.

 

Хоць, можа, ужо й занадта позна.

 

Грац, 1 сакавіка 2022